БЛОК НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ МЕ́НШАСЦЯЎ,

аб’яднанне паліт. партый і арг-цый нац. меншасцяў у Польшчы ў 1922—28. Створаны для сумеснай дзейнасці напярэдадні выбараў у сейм і для работы ў ім. У блок уваходзіў і Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт. На выбарах у сейм у 1922 атрымаў 1398 тыс. (16%) галасоў, 66 пасольскіх і 22 сенатарскія мандаты. У Зах. Беларусі за кандыдатаў блока было аддадзена 286 тыс. (28%) галасоў. Па спісе блока ў сейм прайшлі 11 дэпутатаў-беларусаў, у сенат — 3 сенатары (А.​Аўсянік, В.​Багдановіч, С.​Баран, У.​Каліноўскі, М.​Кахановіч, П.​Мятла, А.​Назарэўскі, В.​Рагуля, С.​Рак-Міхайлоўскі, А.​Станкевіч, Б.​Тарашкевіч, А.​Уласаў, С.​Якавюк, Ф.​Ярэміч) і ўтвораны Беларускі пасольскі клуб.

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)